За гады свайго існавання людзі пакінулі пасля сябе шмат. Найбольш значныя рэчы, якія былі вынайдзеныя нашымі продкамі, зрабіліся помнікамі культуры.

Культура – гэта тое, што зроблена рукамі, розумам і творчасцю чалавека. Ведаць культуру сваёй краіны – значыць ведаць яе гісторыю. Наведванне помнікаў культуры дапамагае нам убачыць на ўласныя вочы, як жылі людзі ў далёкім мінулым, дапамагае зразумець іх, а часам зразумець і саміх сабе.

Падчас вандровак да такіх своеасаблівых помнікаў мы не толькі паглыбляемся ў рэчаіснасць нашага мінулага, але і ўзбагачаем свой запас ведаў. Менавіта таму так важна хадзіць у музеі, ездзіць на экскурсіі і, у рэшце решт, звяртаць увагу на старажытныя будынкі, калі ідзеш па вуліцы.

Адну з верасеньскіх нядзелек нашы ліцэісты правялі ў атмасферы жыцця і творчасці беларуска-польскага кампазітара, стваральніка першых беларускай і польскай нацыянальных опер, Станіслава Манюшкі.

Уранку, калі большая колькасць людзей яшчэ адпачывала, нашыя вандроўнікі збіраліся на плошчы Якуба Коласа, каб разам адправіцца на экскурсію. Першым пунктам назначэння быў палац Манюшкаў у Смілавічах. Яго будаваў яшчэ дзядуля Станіслава Манюшкі. Зараз будынак з’яўляецца помнікам сядзібна-палацавай архітэктуры другой паловы дзевятнаццатага стагоддзя. Нягледзячы на тое, што мы не змаглі паглядзець палац знутры, знешні выгляд гэтага будынка выклікаў шмат эмоцый і пачуццяў, і адразу з’явілася жаданне працягнуць вандроўку¸каб даведацца яшчэ больш цікавага.

Далей мы трапілі ў музей Станіслава Манюшкі. Уявіце, гэта адзіны ў свеце музей, прысвечаны жыццю і творчасці нашага славутага земляка! Зараз музей размяшчаецца ў будынку былой музычнай школы. Некалькі залаў з фотаздымкамі і экспанатамі, а таксама і музычная зала са сцэнай і месцамі для гледачоў, дзе часам праходзяць імпрэзы – вось з чаго складаецца Смілавіцкі музей. Нягледзячы на тое, што музей па памерах невялікі, ён часта збірае ў сябе музыкаў і людзей, якія проста цікавяцца музыкай: там праводзяцца невялікія канцэрты і рознага кшталту мерапрыемствы. У музеі ёсць фартэпіяна, на якім можна зайграць. (Нашы ліцэісты нават паспрабавалі)!

Даведаўшыся шмат цікавай інфармацыі, мы адправіліся на месца, дзе нарадзіўся Станіслаў Манюшка, у вёску Убель. Зараз там, дзе стаяла хата, знаходзіцца гранітны абеліск. Але не толькі ён нагадвае нам аб мінулым гэтага месца. Побач стаіць сапраўдны “пільны сведка мінулых учынкаў”(Багдановіч): магутная таполя, якую пасадзіў сам кампазітар. Адчуўшы энергію дрэва і зрабіўшы фотаздымкі, мы пайшлі да аўтобуса, каб вяртацца ў Менск, дзе нас чакаў смачны абед.

На гэтым экскурсія не скончылася, бо ў горадзе таксама было што паглядзець. Манюшка са сваім сябрам Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, які стварыў лібрэта для оперы “Ідылія”, сядзяць на лаўцы ля Ратушы і аб чымсьці размаўляюць.

Пасля вандроўкі мы таксама вырашылі паразмаўляць з некаторымі ліцэістамі і запытацца, што самае цікавае яны даведаліся на гэтай экскурсіі.

- Дзякуючы гэтай вандроўцы я даведалася, чым “значная” для беларускай і польскай культуры асоба Станіслава Манюшкі, чым знакаміты гэты чалавек.

Вераніка Елісеева, 10 Д

- Самае цікавае з біяграфіі Манюшкі – гэта тое, што ў яго была вельмі вялікая сям’я, 16 дзяцей. На жаль, да сталага ўзросту дажылі толькі 10.

Гуршчанкова Лілія, 10 Д

- Аб тым, хто такі Станіслаў Манюшка, я прачуў ад Валянціны Дзям’янаўны. Стала цікава даведацца пра яго больш, таму паехаў на гэту экскурсію. Вось мы патрапілі туды, дзе нарадзіўся, дзе працаваў гэты кампазітар, і мне вельмі там спадабалася.

Беразоўскі Багдан, 10 Е

- Для мяне самае цікавае было тое, што Манюшка ўдзельнічаў у вайне 1812 года на баку Напалеона. Ён ваяваў за аднаўленне Рэчы Паспалітай.

Жданко Мікіта, 10 Д

- Мне было прыемна пачуць, што гэта была мнагадзетная сям’я. Яны вельмі любілі сваіх дзяцей, яны ўкладвалі ў іх шмат. Калі ты працуеш з дзецьмі і аддаеш ім усё, што можаш аддаць, прыязджаючы ў такое месца, дзе жывуць нашы дзеці, разумеешь, што родам адсюль гэткія ж людзі, якія таксама ўкладваліся ў дзяцей, выхоўвалі іх. Калі задумваешся аб гэтым, адразу робіцца цёпла на душы.

Таццяна Анатольеўна Бычкунова

Такім чынам, наша вандроўка адбылася вельмі інфарматыўнай і цікавай. Мы не толькі даведаліся пра жыццёвы шлях вялікага кампазітара і ўзбагаціліся новымі ведамі, але і атрымалі неверагодныя пачуцці і эмоцыі.