“Калі ласка!” – гэтымі шчырымі і ласкавымі словамі вучні 11“Г” і 11 “Е” класаў запрасілі ліцэістаў, настаўнікаў, класных кіраўнікоў на Свята беларускага пісьменства, якое ў ліцэі адбылося 6 верасня.

Ужо каторы год запар у пачатку верасня ў Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі праходзіць гэта свята. Усе збіраюцца ў актавай зале, каб пакланіцца роднаму слову, аддаць даніну павагі культурным дзеячам, якія ўзнеслі беларускае прыгожае пісьменства на сусветную вяршыню. Ліцэісты чытаюць вершы, спяваюць, выконваюць беларускія танцы.

Сёлетняе свята нацыянальнай культуры зноў прайшло пад знакам малой радзімы. Прысутныя мелі магчымасць пачуць пранікнёныя словы пра родны куточак, са сцэны гучалі прыгожыя песні, дзяўчаты 11 “Е” класа станцавалі “Лявоніху”.

Многа цёплых слоў было сказана і пра беларускую мову, бо гэта вялікі дар прыроды, неацэнны скарб, які трэба шанаваць.

У такі дзень усе асабліва адчуваюць, што ліцэй – гэта вялікая сям’я. А сям’я, у якой прытрымліваюцца традыцый, шануюць родную мову, – шчаслівая сям’я. Яе з задавальненнем наведваюць госці.

Сёлета да нас завітаў Сяржук Доўгушаў – беларускі спявак, музыкант-мультыінструменталіст, этнограф, лідар гурта “Вырай”. Прысутныя мелі асалоду паслухаць ігру на розных беларускіх інструментах, паспяваць разам з госцем народныя песні, задаць пытанні.