Сумесны польска-беларускі праект “Адкрыйма Беларусь” рэалізуецца ад 2007 года сіламі Інстытута ўсходнеславянскай філалогіі Ягелонскага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя пры ўдзеле філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У рамах праекту на рэгулярнай аснове адбываюцца вучнёўска-студэнцкія навукова-практычныя канферэнцыі, пасяджэнні круглага стала, прысвечаныя актуальным напрамкам даследаванняў, рэалізаваных у згаданых установах адукацыі. Для вучнёўска-выкладчыцкага складу беларускіх адукацыйных устаноў рэгулярна праводзяцца адкрытыя лекцыі і майстар-класы выкладчыкаў Ягелонскага ўніверсітэта, а таксама адкрытыя ўрокі і майстар-класы выкладчыкаў Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя для студэнтаў Інстытута ўсходнеславянскай філалогіі. Важным аспектам супрацоўніцтва з’яўляецца таксама арганізацыя і правядзенне разнастайных культурных мерапрыемстваў, у рамах якіх прадстаўнікі вучнёўскай моладзі абедзвюх краін маюць магчымасць пазнаёміцца з культураю.

У рамах праграмы праекта 2019 года ў Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі адбылася навукова-практычная канферэнцыя, дзе свае працы прадставілі навучэнцы Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, а таксама выступілі студэнты Інстытута ўсходнеславянскай філалогіі (спецыяльнасці: руская філалогія, культура Расіі і суседніх народаў) – абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння культур, розныя аспекты сучаснай мас-культуры; адбылася прэзентацыя творчых праектаў студэнтаў Ягелонскага ўніверсітэта (фільм паводле “Рэвізора”М. Гогаля і аўтарская версія беларускай народнай песні “Цераз рэчаньку”). У багатай і разнастайнай праграме знаходжання польскіх студэнтаў на Беларусі было наведванне Акадэмічнага тэатру ім. Я. Купалы, а таксама Вялікага тэатру оперы і балета Беларусі, шматлікіх музеяў Мінска, Навагрудка, Полацка, Віцебска, Міра, Нясвіжа, Брэста, Камянца, Косава, Ружан і т.д.; знаёмства з цэнтрамі духоўнага жыцця Беларусі – у Полацку, Пустынцы, Магілёве, Жыровічах, Будславе; наведванне аб’ектаў са Спісу сусветнай спадчыны.

Словы нашай асаблівай падзякі выкладчыку Ягелонскага ўніверсітэта, кандыдату філалагічных навук, Дзмітрыю Феліксавічу Клябанаву, які столькі гадоў шчыруе на ніве нашага супольнага супрацоўніцтва… Яго энцыклапедычныя веды, энергія і жаданне дзяліцца каштоўнымі ведамі ў галіне славянскіх культур не перастае нас узбагачаць і ў добрым сэнсе здзіўляць…