Памятаем і ганарымся
Я вас прашу, не зведаў хто войны,
Прашу вас, мае дочкі і сыны,
Узяць хоць долю памяці маёй -
Каб потым ёй не зарасці травой.
Анатоль Вярцінскі
Шчаслівы той народ, у мінулым якога не было трагічных момантаў, што вымагалі б ад яго масавага гераізму. Нават калі людзі i вытрымліваюць гэта выпрабаванне, то ўсё роўна нясуць вялікія страты. Гэтыя страты — знак бяды i для будучых пакаленняў, бо войны, стыхіі, эпідэміі вынішчаюць генафонд нацыі.
Суровым экзаменам на мужнасць і трываласць стала Вялікая Айчынная вайна. 1113 жахлівых дзён і начэй працягвалася яна на тэрыторыі Беларусі. Усе вогненныя дні і ночы наша краіна аказвала небывалае ў гісторыі чалавецтва супраціўленне агрэсару.
Вораг не ведаў спакою ні днём, ні ноччу. Зямля гарэла пад нагамі вылюдкаў-захопнікаў і іх хаўруснікаў, ляцелі ў паветра камунікацыі і склады, гарэлі на зямлі варожыя самалёты і танкі.
Трагічны лёс нашага народа, бо ў апошняй, самай жудаснай у гісторыі чалавецтва вайне ніхто не напакутаваўся больш за беларусаў. Не кожны чацвёрты, а кожны трэці беларус загінуў у страшным полымі вайны.
Прайшло 78 гадоў, як скончылася Вялікая Айчынная вайна. І кожны год у гэтыя вясновыя дні мы ўзгадваем грознае ваеннае ліхалецце, ушаноўваем памяць загінуўшых, бо час не ўладны над памяццю людзей. Даўно адгрымелі апошнія залпы вайны. Загаіліся цяжкія раны: на месцы руін і папялішчаў выраслі гарады і сёлы, зараслі акопы і траншэі. Але боль трагедыі застаўся.
Сённяшняе пакаленне не ведае жахаў вайны. Мы не бачылі спаленых вёсак, разбураных гарадоў, не чулі стогнаў параненых. Але мы павінны ведаць, што такое вайна. Вайна – гэта разбурэнне і пакуты, боль і гора, страты і слёзы. Самае жудаснае – вайна. Самае страшнае – вайна. Яна не шкадуе нікога.
Нізка схіляючыся перад абеліскамі, ля якіх гарыць агонь, мы не павінны забываць, што ён можа згаснуць навекі, калі згасне памяць нашых сэрцаў.
Ліцэісты ўнеслі свой уклад ва ўшанаванне памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны. Праект “Памятаем і ганарымся” – даніна памяці тым, хто падараваў нам Перамогу.