Свята ў ліцэі

Вось ужо другі год запар Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй адзначае Дзень народнага адзінства – свята, якое па значнасці для нашага народа саступае толькі 3 ліпеня ды 9 Мая. Для беларусаў дата 17 верасня звязана з гістарычнай справядлівасцю. Менавіта ў гэты дзень у 1939 годзе ў выніку аб’яднання ўсходніх і заходніх зямель Беларусь стала адзінай дзяржавай.

Святкаванне Дня народнага адзінства дало магчымасць ліцэістам пераканацца ў тым, што ў адзінстве нашага народа – сіла народа, а магутным фактарам дзяржаўнасці з’яўляецца наша сіла духу, згуртаванасць, салідарнасць, паразуменне, веданне традыцый, мовы і гісторыі сваёй краіны.

Як вядома, свят многа не бывае. Таму ліцэісты не маглі абысці яшчэ адно свята – Дзень беларускага пісьменства, якое ў нашай краіне адзначаецца ў першую нядзелю верасня. Сёлета свята, скіраванае на беражлівае захаванне і развіццё духоўнай спадчыны краіны, папулярызацыю нацыянальных культур, традыцый, падтрымку літаратуры і кнігадрукавання, праходзіла на Віцебшчыне, у Гарадку, і стала юбілейным, трыццатым.

Такія ўрачыстасці даюць магчымасць моладзі звярнуцца да народнай творчасці – люстэрка жыцця народа. Прысутныя перанесліся ў цудоўны свет першароднага мастацтва, аўтар якога наш беларускі народ. І дапамаглі ў гэтым госці – заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт “Гасцінец”. Сустрэча атрымалася цёплай, душэўнай і ў той жа час пазнавальнай.