Нататкі з Явожна..

Вопыт удзелу і перамогі ў І Міжнародным фестывале дзіцячага кіно ў Польшчы

17 гадзін у дарозе, 5 з якіх мы правялі на мяжы, пякучае сонца, ад якога не атрымоўвалася схавацца ў аўтобусе, паўдрымота ў нязручным становішчы... "Кракаў, праз дзесяць хвілін выходзім" - абвясціў голас кіроўцы. Гэтыя словы азначалі тое, што мы ўжо на фінішнай простай і да Явожна ўсяго 40 кіламетраў. Думкі пра тое, як праблематычна будзе даехаць да гэтага месца, зніклі, як толькі мы выйшлі з аўтобуса -- там нас чакалі гаспадары І Міжнароднага фестывалю дзіцячага кіно ў Явожна 2018.

Так, жыццё ліцэя не стаіць на месцы нават пасля гуку апошняга званка. Пакуль выпускнікі рыхтаваліся да экзаменаў, будучыя адзінаццацікласнікі паехалі бараніць гонар ліцэя на польскім кінафэсце "Wylęgarnia". Прадстаўляць МДАЛ і Беларусь у цэлым мы паехалі ўпяцёх: Козел Анастасія Ігараўна, Саўчанка Ганна, Федаровіч Дар'я, Літвінава Кацярына і яе матуля.

Праводзіўся фэст, як ужо было памянёна, у Явожна -- невялікім польскім мястэчку, прычына з'яўлення якога складалася з патрэбы ўсталявацца поруч з месцамі здабычы вугалю. Гістарычная частка ў ім невялікая, адменныя слатувасці можна палічыць па пальцах, а асноўную каштоўнасць гэтага месца складаюць людзі, якія жывуць у ім. Прыязджаючы ў такія мястэчкі, заўсёды чакаеш ад насельніцтва большую адкрытасць, чым ад жыхароў вялікага горада. Але так ці інакш мы не маглі схаваць сваё здзіўленне ад таго, што кожны, хто ўбачыў нас, выяўляў непрыкідлівую цікавасць і сустракаў нас вельмі цёпла і шчыра.

Сімвалічна, што такі конкурс, які дапамагае раскрываць кінематаграфічныя таленты моладзі, з'явіўся менавіта на польскай зямлі, бо яна ж падаравала свету такіх найвядомых рэжысёраў, як Анджэй Вайда, Кшыштаф Занусі, Раман Палянскі.

І Міжнародны фестываль дзіцячага кіно ў Явожна 2018 мінулай вясной адсвяткаваў сваё дзесяцігоддзе. У гэтым годзе ён набыў міжнародны фармат: апроч нашай краіны і Польшчы, у ім прымала ўдзел моладзь з Харватыі, Славакіі, Вялікабрытаніі і Турцыі. У арганізацыі фестываля ўдзельнічае не толькі адміністрацыя ліцэя, але і гарадскія ўлады, у тым ліку мэр Явожна. Няможна не памянуць ініцыятара стварэння і, як яе пяшчотна звалі навучэнцы ліцэя, "душу" фэсту - пані Цэліну. Абодва фільмы, адпраўленыя намі на конкурс, былі ацэнены журы: "Крок" атрымаў пахвальны водгук, а "Услед за Праметэям: у госці да Якуба Наркевіча-Ёдкі" заняў другое месца ў намінацыі "Дакументальнае кіно".

Цікавы факт, што адным з музычных суддзей на фестывале быў Рамуальд Ліпко, піяніст вядомай групы "Budka Suflera", які нават запісаў для пераможцаў відэапавіншаванне.

Конкурс праводзіўся па 7 намінацыях і ў дзвюх узроставых катэгорыях і дазволіў выявіць сябе юным талентам у розных кірунках: падлеткі пісалі сцэнарыі для фільмаў і здымалі іх, рабілі кавер-версіі вядомых саўндтрэкаў да фільмаў, здымалі фотарэпартажы.

Вельмі ўразіла тое, што для цырымоніі ўзнагароджання арганізатары арандавалі кіназалу ў гандлёвым цэнтры, у якой, трэба сказаць, не засталося свабодных месцаў. У кіназале працавалі 4 фатографы і 2 відэёграфы.

Пасля завяршэння ўрачыстай часткі фестываля, прадстаўнікі адвезлі нас паглядзець на сам ліцэй і яго вучняў. Пазнаёміўшыся з самакіраваннем ліцэя, мы зразумелі, што зусім не адрозніваемся. Польская моладзь гэтак жа як мы хоча палепшыць навучальныя будні незвычайнай колькасцю імпрэз. Дзякуючы камунікаванню з імі, мы пачарпанулі шмат розных ідэй і для нашага ліцэя. Напрыклад, некалькі раз на год ліцэісты праводзяць тэматычныя ночы ("Ноч навукоўцаў", "Ноч літаратуры"), падчас якіх застаюцца ў сценах ліцэя, а весялосць пачынаецца толькі пасля наступу цемры.

Трэба сказаць, што гутарка з вучнямі была б немагчыма без вучаніцы гэтага ліцэя, Гражыны, якая вучыць рускую мову ўжо тры гады. Моўных меж папросту не існавала. Любоўю дзяўчыны да рускай мовы як да замежнай можна не толькі захапляцца, але і пэўна ж браць прыклад з яе мэтанакіраванасці. Гэта быў яе першы вопыт камунікавання з носьбітамі мовы.

Яшчэ адным яркім уражаннем ад горада і ліцэя быў выпускнік гэтага года, Віктар, які сам браў удзел у арганізацыі фэсту. Апроч таго, што хлопец займаецца фатаграфіяй у вольны час (і падаў нам здымкі для гэтага артыкула, за што яму вялікі дзякуй), ён вельмі ласкава прапанаваў правесці нам экскурсію па начному Явожно, падчас якой мы адчулі усю атмасферу не толькі гістарычнага цэнтра, але і постіндустрыйных ускраін. І, вядома, толькі ноччу жарты смяшнейшыя, смех гучнейшы, а гутаркі шчырэйшыя.

Завяршылася наша падарожжа экскурсіяй па Кракаве, культурнай сталіцы Польшчы. І хоць прабылі мы там усяго некалькі гадзін, было неапісальна прыемна правесці іх у кампаніі новых сяброў.

Развітанні заўсёды маюць кісла-салодкі смак, і развітваліся мы са слязьмі на вачах і ўсмешкамі на твары... тым не менш, ужо тады мы з нецярпеннем чакалі новай сустрэчы. Спадзяемся, гэта падарожжа заклала падмурак для далейшай інтэграцыі з такімі выдатнымі людзьмі, што МДАЛ і далей будзе ўдзельнічаць у такім выдатным конкурсе, скараючы ўсё новыя вышыні. З нецярпеннем чакаем і сяброў з Явожна ў госці да нас!