Паклон Вам, Песняры!

Ці рана на Івана,
Ці ў нейкі іншы дзень
Так ім наканавана
Адзін аднага сустрэць!
Адзін з другім сустрэцца,
Даць братні зарок –
Па-брацку – да песні песня,
Па-брацку – да кроку крок!
Адзін у полі не воін.
Два берагі ў ракі.
Купала і Колас – двое,
Як гэтыя два берагі.
А.Вярцінскі.


Ліцэісты шануюць памяць славутых Песняроў і з нагоды вялікага юбілею – 140 гадоў з дня нараджэння – наведалі літаратурныя музеі паэтаў. 18 красавіка адбылася экскурсія ў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Будынак знаходіцца на тым месцы, дзе стаяў дом паэта, знесены фашысцкімі бомбамі ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Разам з грандыёзным помнікам паэту і фантанам пад назвай «Купалле» музей стварае гарманічны ансамбль.

Вучні змаглі даведацца пра жыццё народнага паэта ад яго нараджэння і да самых апошніх дзён. Увазе наведвальнікаў былі прадстаўлены рукапісы, друкаваныя выданні, фатаграфіі сцэн са спектакляў розных гадоў у пастаноўках шматлікіх тэатральных калектываў. Яны дазваляюць адчуць, што арыгінальныя па задуме і ўвасабленні купалаўскія п’есы – крыніца натхнення не аднаго пакалення драматургаў, рэжысёраў, акцёраў, асалода для шматлікіх прыхільнікаў таленту Янкі Купалы.

Экскурсія суправаджалася дэманстрацыяй 3D відэа са святкавання гістарычнага свята Купалле, але больш за ўсё здзівіў і ўразіў галаграфічны сюжэт, дзе паэт выходзіў да сваіх гасцей і чытаў уласны верш.

Пасля экскурсіі стала сапраўды зразумела, што Янка Купала пакінуў вялікую спадчыну, на якой узгадавалася не адно пакаленне. Неўміручыя творы генія нездарма на працягу дзесяцігоддзяў вывучаюцца, асэнсоўваюцца, перакладаюцца на іншыя мовы і пашыраюць веды пра нас – беларусаў – ва ўсім свеце. Кожны змог адчуць глыбіню і багацце творчай спадчыны мастака слова, каб яшчэ і яшчэ раз пераканацца ў жыццёвай вартасці філасофскіх разваг, глыбокіх дум і нечаканых выслоўяў слаўнага сына беларускага народа.

Пасля эстафету перанялі вучні 10 “Г” класа, наведаўшы Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, размешчаны ў доме, дзе правёў апошнія гады жыцця народны паэт Беларусі. Дзесяцікласнікі міжволі лавілі сябе на думцы, што паэта даўно няма побач, аднак, яны адчувалі сябе вельмі камфортна ў беражліва захаванай прасторы гэтага будынка.

Скрозь манументальнасць сцен і ўбранства пакояў ліцэісты не маглі не разгледзець той цярністы жыццёвы шлях, які прайшоў вясковы хлопчык Костусь Міцкевіч, перш чым стаў народным паэтам Беларусі Якубам Коласам.

Размова пачалася менавіта з таго, як адчуваў сябе Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч у ролі вядомага ўсяму Саюзу паэта Якуба Коласа, якія рэальныя жыццёвыя факты прадказалі стварэнне брэндаў беларускай літаратуры – паэм "Новая зямля" і "Сымон-музыка", хто натхніў немаладога ўжо паэта на філасофскія “Казкі жыцця”.

У мемарыяльнай частцы узноўлены прыжыццёвы інтэр’ер дома сярэдзіны 1950-х гадоў. Гэта і вялікая гасцёўня, дзе збіраліся сябры і родныя, і сталовая з мэбляю чырвонага дрэва і ўзорамі прыгожых сервізаў, і рабочы кабінет з пісьмовым сталом і рэдкімі кнігамі ХІХ стагоддзя. На рабочым стале Якуба Коласа сярод іншага ляжыць недапісаны ліст паэта – над ім абарвалася яго жыццё. Гадзіннік зафіксаваў час, калі спынілася сэрца, – 13.20. Тут жа каляндар 1956 года, разгорнуты на даце апошняга пражытага дня – 13 жніўня.

Экскурсія атрымалася вельмі пазнавальнай і цікавай. Ліцэісты ўважліва слухалі аповед экскурсавода, адказвалі на “каверзныя” пытанні і проста атрымлівалі асалоду. Было вельмі займальна, а таксама пазнавальна, таму што 2022 год не толькі юбілейны для Янкі Купалы і Якуба Коласа, але і Год гістарычнай памяці.