Экскурсія ў Музей Вялікай Айчыннай вайны

Як твае справы, ветэран?
Гады няўмольна побач крочаць,
Прамы ў дугу сагнулі стан,
А ран яны зусім не лечаць.
Амаль сляпым прыйшоў з вайны:
У галаву было раненне.
Перад вачыма тыя дні,
Ды ў вачах даўно зацьменне.
Вольга Грыдзюшка

Вучні 10 Ж і 10Е класаў разам з настаўніцай Вольгай Ігараўнай Таратын наведалі тое самае месца, якое не можа нікога пакінуць абыякавым - музей Вялікай Айчыннай вайны. Там захоўваецца памяць пра тых, каму мы абавязаны жыццём.

Што адразу “кідаецца” ў вочы, так гэта грандыёзны будынак, архітэктура якога ўражвае маштабам і гарманічным спалучэннем манументальнасці і сучасных тэхналогій. Нестандартныя мастацкія рашэнні выклікаюць у наведвальніка адчуванне найвялікшай трагедыі і аданачасова – мужнасці і подзвігу. У музеі знаходзіцца вельмі шмат экспанатаў (фатаграфіі, дакументы, лісты і асабістыя рэчы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, ўнікальныя кадры з кінахронікі), якія перадаюць сучаснікам трагічныя моманты вайны. Вучняў вельмі уразілі скульптурная кампазіцыя "Развітанне", прысвечаная маці, якая праводзіць сына на вайну, і карціны Міхаіла Савіцкага. З дапамогай фарбы мастак перадаў увесь жах тых нікому незабыўных гадоў.

Варта заўважыць, што ў вучняў была выдатная экскурсавод, якая вельмі шчыра распавядала аб падзеях ваенных гадоў.

Ліцэісты лічаць, што кожны чалавек, які паважае сябе, павінен пабываць у музеі, наскрозь прасякнутым крывёю і слязьмі беларусаў.