Свята беларускага пісьменства

Калі б не сіні гэты лес,
Край ніў і пожняў
Ізумрудных,
І не праліты ўранні бэз
На дрогкасць туманоў
Аблудных,
Калі б не плыні гэтых рэк,
Як беларусы, памяркоўных
І, нібы мова іх, чароўных,
З мяне б ці выйшаў чалавек?
Аўтар гэтых цудоўных радкоў, беларускі паэт Фелікс Барысавіч Баторын, быў госцем Свята беларускага пісьменства, якое адзначалася ў ліцэі 14 верасня.

Паколькі гэта свята ў нашай навучальнай установе ладзіцца ўжо больш за дзесяць гадоў, то склаліся свае традыцыі: запальваецца свечка як сімвал чысціні, надзеі, спагады, узгадваюцца гарады, якія сталі культурнымі цэнтрамі свята. Вучні чытаюць вершы, спяваюць, выконваюць беларускія танцы.

У гэтым годзе свята праходзіла ў кантэксце тэматыкі “Мая малая Радзіма”. Прысутныя мелі магчымасць пачуць пранікнёныя словы пра родны куточак, нагадаць некаторых беларускіх пісьменнікаў, для якіх Бацькаўшчына стала падмуркам для творчасці.

Многа цёплых слоў было сказана і пра беларускую мову, бо гэта вялікі дар прыроды, неацэнны скарб, які трэба шанаваць.

Прысутнічаў на свяце і персанаж твора Яна Баршчэўскага шляхціц Завальня. Да яго на агеньчык завіталі госці з Іванава – горада, у якім праходзіла рэспубліканскае Свята беларускага пісьменства. Яны расказалі пра тыя мерапрыемствы, якія былі арганізаваны ў гонар гэтай важнай падзеі.

Напрыканцы ліцэісты мелі асалоду пагутарыць з Феліксам Барысавічам Баторыным, беларускім паэтам, перакладчыкам, паслухаць яго вершы, задаць пытанні.