Тэатр аднаго акцёра


Знаёміцца з класікамі рускай, беларускай, зарубежнай літаратуры можна па-рознаму. 22 верасня нам пашчасціла быць гледачамі спектакля “Кроткая”, пастаўленага па апавяданні Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага. Спектакль паказваўся ў Беларускім паэтычным тэатры аднаго акцёра “Зьніч”. Першы раз мы трапілі ў такі тэатр. Ён знаходзіцца ў падвале Чырвонага касцёла. Многія думаюць, што спектаклі гэтага тэатра вельмі складаныя для ўспрымання і ўвогуле нудныя. Але гэта аказалася зусім не так. Акцёр трымае ўвагу гледача, і на працягу спектакля ты не можаш адарваць ад яго вачэй. Ты ловіш кожны рух і з захапленнем слухаеш маналог на сцэне.

Удала падабраныя дэкарацыі дапамагаюць акунуцца ў атмасферу даўніны. З’яўляецца адчуванне, нібы ты сам удзельнік спектакля.

Гісторыя вядзецца ад асобы закладчыка¬, якога таленавіта сыграў Вячаслаў Шакалідо. Герой расказвае пра тое, як склаўся лёс яго жонкі. Аўтар паказвае частку жыцця гераіні і дае псіхалагічны аналіз яе дзеянням, якія ў выніку прывялі да трагічнага канца. Галоўны герой праз сваю жонку помсціць усяму грамадству, якое не стала яму падпарадкоўвацца. Вось такая сумная гісторыя…

Гледачы былі ў захапленні ад убачаннага. Мне ўспомнілася вядомая фраза Ф.М. Дастаеўскага: “Прыгажосць выратуе свет”. Калі мы будзем памятаць пра гэта, імкнуцца да прыгажосці нашых душ, то трагічных момантаў у жыцці будзе менш.

Сукатава Аляксандра, 11 “Е”