Незабыўная вандроўка

Суботні ранак. Хлопцы і дзяўчаты з радаснымі тварамі ідуць ў ліцэй,бо ведаюць,што іх чакае вандроўка па памятных месцах нашай краіны.У сувязі з эпідэміялагічнымі абставінамі для нас гэта была, па шчырасці, доўгачаканая падзея.Утульна размясціўшыся ў аўтобусе, мы адправіліся ў захапляльны шлях па родных мясцінах. Нас сустрэў гаварлівы, энергічны і ветлівы экскурсавод Алег Анатольевіч. Кожны вандроўнік-ліцэіст рады быў прадставіць яму свайго суседа.Такі спосаб знаёмства быў вельмі прыемным і пазітыўным. Адразу ўзняўся настрой. Праязджаючы праз гарады Мінскай і Брэсцкай абласцей, мы даведваліся пра новыя цікавыя факты. Акрамя таго, адказваючы на пытанні, атрымлівалі салодкія прызы.

Пачатковым пунктам, адзначаным на карце нашага падарожжа,была малая радзіма Тадэвуша Касцюшкі, нацыянальнага героя ЗША,Польшчы, а таксама ганаровага грамадзяніна Францыі. Гэта мястэчка Косава. Нас сустрэў велічны касцёл Святой Тройцы, які быў пабудаваны ў неагатычным стылі. Дарэчы, гэты будынак уключаны ў спіс культурна-гістарычных каштоўнасцей нашай краіны. Калі мы ўвайшлі ў яго,у першую чаргу ўбачылі надпіс на алтары, які ў перакладзе азначае:”Маліся за нас, Маці Божая ”. У касцёле нас сустрэла жыццярадасная і добразычлівая жанчына Ганна, якая займаецца валанцёрскімі справамі і даглядае святое месца. З яе вуснаў мы пачулі шмат нечаканых фактаў з гісторыі гэтага касцёла. Як нам стала вядома, менавіта ў ім хрысцілі знакамітага паўстанца. Акрамя таго, мы даведаліся, што касцёл, які пабудавалі на гэтым жа месцы, згарэў. Шмат гадоў існаванне храма падтрымлівалі тры бабулі на свае пенсіі, але ўлада забараняла настаяцелям праваслаўнага храма дапамагаць каталікам. З якім жа гонарам і павагай у душы мы слухалі гісторыю, як пажылыя жанчыны амаль поўнасцю аддавалі свае сродкі,каб захаваць для нас гэта святое месца, кавалачак нашай гісторыю,выплочваючы падаткі савецкай уладзе.Тады сапраўды пачынаеш верыць,што усяго можна дасягнуць,калі вельмі гэтага захочаш. Яшчэ ў алтары размяшчаецца цудадзейны абраз. Гавораць, што, калі касцёл гарэў, ён адзін застаўся ў попеле зусім некрануты. Нямала чутак існуе аб выздараўленні тых, хто маліўся перад ім. Яшчэ адной яркай зоркай нашай экскурсіі стаў мемарыяльны музей-сядзіба Касцюшкі ў Мерачоўшчыне.Ў першую чаргу ўразілі цудоўныя пейзажы, якімі ў свае часы захапляўся і сам пан Тадэвуш. Гісторыя радавога гнязда апавядае, што пасля смерці бацькі Тадэвуша сям`я была вымушана прадаць свае ўладанні Пуслоўскім. У часы Вялікай Айчыннай вайны партызаны спалілі сядзібу. Адзінае, што ад яе засталося, – вялікі памятны валун у полі. А ад будынка застаўся толькі фундамент. На вялікае шчасце, сядзіба была рэканструявана і ўрачыста адчынена ў 2004 годзе. На фоне буйнага палаца Пуслоўскіх,які стаіць насупраць, сядзіба Касцюшкі выглядае вельмі велічна, заможна і нават чароўна.Увайшоўшы туды, немагчыма не звярнуць ўвагі на руплівую працу майстроў-рэстаўратараў, дзякуючы якім мы можам атрымліваць асалоду ад незвычайнай атмасферы жыцця таго часу.Запамінальныя экспазіцыі, прадуманы да дэталяў інтэр`ер, арыстакратычныя касцюмы і посуд зліліся ў непаўторны ансамбль шыку таго стагоддзя.Акрамя таго, не магу не ўзгадаць творы мастацтва, якія сталі плёнам таленавітай працы нашага суайчынніка-паўстанца. Асабліва яго захапляла эстэтыка чалавечага цела. Варта заўважыць, што паблізу сядзібы размяшчаецца адзіны ва ўсёй Беларусі помнік герою,пабудаваны дзякуючы сабраным сродкам людзей, улюбёных у творчасць і дзейнасць Тадэвуша Касцюшкі.

І вось настаў той момант, калі мы падышлі да палаца Пуслоўскіх. Перш чым зайсці ў яго,мы пачулі незвычайныя гісторыі аб гэтым будынку.У што толькі ён не ператвараўся за ўвесь час свайго існавання! Даходзіла і да таго, што палац быў прайграны ў карты. У савецкія часы з яго хацелі зрабіць санаторый, дзіцячы лагер. Але гэта маленькая частка таго,што нас яшчэ чакала.Формы і памеры сапраўды здзіўлялі! Здавалася, што ты вярнуўся ў мінулае і вось-вось адбудзецца баль, дзе закружацца ў танцы высакародныя і прывабныя дамы ў пышных сукенках з гарсэтамі разам з арыстакратычнымі і галантнымі мужчынамі.

Наступным палацам валодаў знакаміты род Сапегаў у Ружанах. Пра іх мы таксама даведаліся шмат чаго новага. Разбураная частка будынка прывабіла нашу ўвагу не менш, чым рэканструяваная. Ліцэісты хадзілі і аглядалі яе з усіх бакоў. Апошнім пунктам у нашым падарожжы быў храм у Сынкавічах, пабудаваны ў шаснаццатым стагоддзі. Існуе легенда, што яго заснаваў Вітаўт у гонар свайго выратавання ад пагоні стрыечнага брата Ягайлы.

Такім чынам, мы пабылі ў незабыўнай вандроўцы па нашай неабсяжнай і бясконца прыгожай Беларусі. У дадатак і гісторыю падвучылі.

Паездка прынесла нам непаўторныя эмоцыі, пашырыла кругагляд і пасадзейнічала больш блізкаму знаёмству паміж 10 і 11 класамі. Напрыканцы экскурсіі мы стварылі цёплую атмасферу з легендарнымі спевамі.

Шаноўныя сябры, мы раім наведаць гэтыя мясціны і даведацца больш пра гісторыю нашай Радзімы!