Дзень пісьменства

З пачаткам верасня ў ліцэй прыходзіць не толькі новы навучальны год, але і цудоўнае свята - Дзень беларускага пісьменства. Гэта ўрачыстасць, прысвечаная памяці асветнікаў, дзяржаўных і рэлігійных дзеячаў, найбольш значных асоб, якія пакінулі свой след у галіне літаратуры і кнігадрукавання. Утульную залу ліцэя асвяціла свечка, якую па добрай традыцыі запальваюць у пачатку мерапрыемства. У выкананні вучняў 11 "А" і 10 "Д" класаў прагучалі вершы і песні пра беларускую мову і пра нашу родную краіну. Таксама ліцэісты ўзгадалі беларускіх асветнікаў так ці інакш звязаных з горадам Рагачовам, які ў 2016 годзе стаў літаратурнай сталіцай краіны.


Дзень пісьменства

Таксама, у Дзень беларускага пісьменства ў Рагачове былі ўзнагароджаны пераможцы рэспубліканскага конкурса «Залатое пяро “Белай Русі”». У намінацыі «Культурнае падарожжа з Белай Руссю» другое месца заняла выпускніца МДАЛа Дар'я Рублеўская.


У ліцэі існуе яшчэ адна традыцыя, звязаная з Днём пісьменства: на кожнае свята запрашаць вядомых людзей Беларусі. Для ўсіх было вялікім сюрпрызам, калі да нас прыйшоў народны ансамбль "Крупіцкія музыкі". Яны выконвалі такія творы, як "Бычок", "Кросны", "Крупіцкая полька", "Ехаў дзед", "Гарадскі вальс", "Палеская полька", "Беларуская Вечары" і іншыя.


Дзень пісьменства

Выступленні музыкаў суправаджаліся бурнымі авацыямі ліцэістаў і не толькі: нашы настаўнікі і сам Віктар Пракопавіч не маглі заставацца на месцы і пусціліся плясаць разам з вучнямі вальс і польку. Гэта свята яшчэ раз даказала, што ў нашым ліцэі вельмі цесная сувязь і даверлівыя адносіны паміж выкладчыкамі і ліцэістамі.


Дзень беларускага пісьменства – гэта першае творчае мерапрыемства ў новым навучальным годзе. Мы спадзяёмся, што наступны год будзе вясёлым, насычаным мерапрыемствамі, поўных прыемных нечаканасцей.


Дзень пісьменства

Дзень пісьменства
19 сентября 2016