Дзень пісьменства

З пачаткам верасня ў ліцэй прыходзіць не толькі новы навучальны год, але і цудоўнае свята - Дзень беларускага пісьменства. Гэта ўрачыстасць, прысвечаная памяці асветнікаў, дзяржаўных і рэлігійных дзеячаў, найбольш значных асоб, якія праславіліся сваім падзвіжніцтвам на ніве духоўнай. Утульную залу ліцэя асвяціла свечка, якую па добрай традыцыі запальваюць на пачатку мерапрыемства, прысвечанага гэтаму святу. У выкананні вучняў 11 “А” класа прагучалі вершы і песні пра беларускую мову і родную краіну Беларусь. Таксама ліцэісты ўзгадалі старажытных беларускіх пісьменнікаў і гарады, у якіх праходзіла свята беларускага пісьменства ў розныя гады. У 2015 годзе літаратурнай сталіцай краіны ўпершыню стаў горад Шчучын, які перадаў ганаровую эстафету гораду Рагачову.

У ліцэі ёсць яшчэ адна традыцыя, звязаная з Днём пісьменства: на кожнае свята запрашаць знакамітых людзей Беларусі. На гэты раз да нас прыйшоў Юры Жыгамонт - беларускі акцёр і журналіст, вядучы тэлепраекта “Падарожжы дылетанта”. Сустрэча з госцем была насычана цікавымі аповедамі з яго асабістай біяграфіі, разважаннямі аб Радзіме, беларускай культуры і мове. Юрый выказаў свае думкі, што калі беларусы вернуцца да сваіх каранёў, да сваёй гісторыі, то ў нас будзе самая моцная краіна свету.

Напрыканцы свята выступіла выпускніца нашага ліцэя,студэнтка філалагічнага факультэта БДУ Аліна Агрэніч. Свае першыя вершы Аліна пачала пісаць у ліцэі, менавіта тут яна вырашыла прафесійна займацца мовай. Вершы, якія яна чытала са сцэны, уразілі ўсіх сваёй прыгажосцю, глыбінёй іразнастайнасцю тэматыкі.

У завяршэнні падарожжа ў краіну беларускага пісьменства прагучалі словы ўдзячнасці ўдзельнікам і пажаданні ўсім ліцэістам:

Сябры мае!

Хачу, каб мову вы

Як вернасць, як сумленне

Бераглі.

19 сентября 2015